Улады запэўніваюць, што забруджваньне Сьвіслачы адбылося толькі ў месцы разьліву нафтапрадуктаў

На рацэ Сьвіслач у Менску, архіўны здымак

Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя нафтапрадуктаў у вадзе ракі Сьвіслач (у раёне менскага Камсамольскага возера) перавышана толькі непасрэдна ў месцы разьліву, паведаміла 30 ліпеня прэс-служба Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Лябараторнае дасьледаваньне ўзятых напярэдадні пробаў, праведзенае ў Рэспубліканскім цэнтры аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя (РЦАК, заснавальнік — Міністэрства прыроды), паказала перавышэньне ў 4,2 раза ў месцы выцеку, вышэй і ніжэй па цячэньні забруджваньня вады нафтапрадуктамі не зафіксавана.

Аб выцеку нафтапрадуктаў з пантону на Сьвіслачы ў раёне ратавальнай станцыі Мінпрыроды паведаміла 29 ліпеня. Адзначалася, што супрацоўнікі МНС устанавілі спэцыяльныя загароды і адпампавалі забруджаную ваду. Маштаб забруджваньня тады папярэдне ацанілі як лякальны.

Пазьней ведамства паведаміла, што пры дапамозе загараджальных бонаў «выцек адпрацаваных нафтапрадуктаў быў зьлякалізаваны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем ціхіх прарываў у галіне клімату і прыроды ў 2024 годзе, якія вы маглі прапусьціць

Бліжэй да вечара спэцыялісты пачалі адпампоўваць ваду і рэшткі адпрацаваных нафтапрадуктаў у «ёмістасьці для часовага захоўваньня, якія будуць пад штодзённай аховай да моманту дастаўкі адходаў у месца ўтылізацыі».

«Прычыну здарэньня высьвятляюць адмыслоўцы. Разгляданая вэрсія — парушэньне гермэтычнасьці двух адсекаў пантоннага прычалу (карозія мэталу)», — адзначала Мінпрыроды.

2 чэрвеня міністэрства паведаміла аб выцеку нафтапрадуктаў з магістральнага нафтаправода Мазыр — Берасьце ААТ «Гомельтранснафта „Дружба“ ў Мазырскім раёне. Тады, паводле сьцьверджаньня прыродаахоўнага органа, трапленьне нафтапрадуктаў у водныя аб’екты не зафіксавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нафтаправодзе «Дружба» ў Мазырскім раёне адбыўся выцек нафты