Сьцісла:
- Паводле Лукашэнкі, для Беларусі «гэты і будучыя гады будуць вельмі складаныя», «эканоміку краіны трэба ўтрымаць», дзеля чаго патрэбна «ваенная мабілізацыя». То бок ідзецца не пра разьвіцьцё, а пра выжываньне.
- Ужо пяць гадоў кіраўніцтва Беларусі цьвердзіць, што замежная палітыка краіны паварочвае ў бок «Глябальнага Поўдня». Аднак, насуперак афіцыйным дэклярацыям, львіная доля выступу Лукашэнкі была прысьвечана якраз дачыненьням з Захадам.
- У адносінах з краінамі «Глябальнага Поўдня» кантакты, перамовы на палітычным узроўні слаба манэтызуюцца ў нейкія эканамічныя выгады.
- Ва ўяўленьні Лукашэнкі, амбасадар — гэта коміваяжэр, ніяк не палітычная фігура. Усё мноства функцый, якія павінен выконваць амбасадар, зводзяцца да ролі прымітыўнага гандлёвага пасярэдніка.
Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня правёў нараду з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі. Сэнс цяперашняй замежнай палітыкі афіцыйнага Менску быў сфармуляваны так: «Здольнасьць своечасова адаптаваць свае дзеяньні ў рамках агульнай мэты робіць уладу жыцьцяздольнай і дыпляматычна эфэктыўнай».
Знамянальнасьць гэтай формулы палягае ў тым, што ў цэнтры лукашэнкаўскай сьветабудовы знаходзіцца не беларускае грамадзтва ці дзяржава зь яе нацыянальнымі інтарэсамі, а менавіта ўлада. Яна стала самадастатковай сутнасьцю, якая працуе сама на сябе. Гэта цяпер не хаваецца. Каб усе лепш зразумелі, пра што гаворка, Лукашэнка нагадаў: «2020 год у сыстэме МЗС мы больш не паўторым». Нагадаю, што пяць гадоў таму ў параўнаньні з усімі іншымі ведамствамі Беларусі зь Міністэрства замежных спраў больш за ўсё супрацоўнікаў сышло ў адстаўку ў знак пратэсту супраць дзеяньняў рэжыму.
Паводле Лукашэнкі, для Беларусі «гэты і будучыя гады будуць вельмі складаныя і напружаныя», «эканоміку краіны трэба ўтрымаць», дзеля чаго патрэбна «ваенная мабілізацыя». То бок ідзецца не пра разьвіцьцё, а пра выжываньне. Гэта і ёсьць галоўны вынік 31-гадовага кіраваньня?
Ужо пяць гадоў кіраўніцтва Беларусі цьвердзіць, што замежная палітыка краіны паварочвае ў бок «Глябальнага Поўдня». У тым кірунку робяцца візыты афіцыйных дэлегацый, туды перакідваюцца дыпляматычныя прадстаўніцтвы.
Аднак, насуперак афіцыйным дэклярацыям, львіная доля выступу Лукашэнкі была прысьвечана якраз дачыненьням з Захадам. І сэнс ягонага пасланьня быў такі: мы ўсё робім правільна, ні на якія саступкі ня пойдзем. Наадварот, саступаць давядзецца Захаду. Бо, паводле Лукашэнкі, «стратэгія „дэмакратызацыі санкцыямі“ правалілася, убачыце, што неўзабаве пачнецца канкурэнцыя сярод новых канцэпцый». Стаўку трэба рабіць на прыход да ўлады новых палітыкаў, раскол эўрапейскіх краін па беларускім пытаньні, працу з тамтэйшымі бізнэсоўцамі, мэдыямі і аналітычнымі цэнтрамі. Таксама «вяртаньне Трампа адкрыла вакно магчымасьцяў».
Варта зазначыць, што любы дыялёг прадугледжвае ўзаемныя саступкі. І тут асноўнае поле гульні — гэта палітзьняволеныя. Па вэрсіі Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў можа адбывацца з умовай, што ўсе яны зьедуць за мяжу. Увогуле, ён гатовы да новых памілаваньняў, калі Захад пагодзіцца рабіць крокі ў адказ.
Што да адносін з краінамі таго самага Поўдня, то тут асабліва няма чым хваліцца. Лукашэнка кажа: «Тэмп росту экспарту ў Азію пакуль ніжэйшы, чым у цэлым па краіне ў пэрыяд з 2020 году... Зь вядучымі краінамі Пэрсыдзкай затокі — ААЭ, Аманам, Саудаўскай Арабіяй і Катарам — наладжаны ўстойлівы дыялёг на найвышэйшым узроўні. Але я хачу бачыць канкрэтную манэтызацыю нашых адносін — выгодныя гандлёвыя і інвэстыцыйныя праекты».
Таксама ён запатрабаваў да канца пяцігодкі давесьці экспарт у Афрыку да $1-1,5 млрд. То бок, як мы шмат разоў адзначалі, кантакты, перамовы на палітычным узроўні слаба манэтызуюцца ў нейкія эканамічныя выгоды. Атрымаць рэальныя дывідэнды ад павароту на «Глябальны Поўдзень» не атрымоўваецца.
Акрамя таго, і расейскі рынак «скукожваецца». Затое хутка расьце адмоўнае сальда замежнага гандлю.
Шмат часу Лукашэнка патраціў, каб пераканаць амбасадараў, што Беларусь сапраўды сувэрэнная дзяржава, а не акупаваная Расеяй. І гэта вельмі паказальна. Бо відавочныя рэчы ня маюць патрэбы ў доказах. Але аказваецца, што для такіх дасьведчаных людзей, як паслы, гэта невідавочна.
Было многа прапагандысцкіх наратываў. Што трохі дзіўна. Але Лукашэнка так прызвычаіўся прамаўляць па адной мэтодыцы, што ўжо не адрозьнівае ці то ён размаўляе з работнікамі сельгаспрадпрыемства, ці то з дыпляматамі. І там, і там ідзе аднолькавая прымітыўная прапаганда.
Было шмат лёзунгаў і заклікаў. Вось напрыклад: «Мінулым годам мы далі вам дадатковыя магутныя інструмэнты для працы на далёкай дузе: членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і партнэрства з БРІКС». Якім чынам беларускія амбасадары могуць выкарыстоўваць гэтыя «магутныя інструмэнты» (і што гэта за інструмэнты?), не разумеюць ні дыпляматы, ні само кіраўніцтва дзяржавы. Бо членства ў гэтых арганізацыях — рэч сымбалічная, і ніякіх рэальных інструмэнтаў не дае.
Ня менш цікава, як Лукашэнка разумее функцыі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў. Ва ўсім сьвеце паслы і пасольствы прадстаўляюць найперш палітычныя інтарэсы сваёй краіны. Эканамічным супрацоўніцтвам галоўным чынам займаюцца бізнэс-структуры. У Беларусі ня так. Лукашэнка даводзіць: «Яшчэ раз кажу: для мяне амбасадар і амбасада — гэта не пра палітыку. Гэта экспарт, перш за ўсё, прадукцыі (гандаль) і новыя інвэстпраекты (тэхналёгіі і працоўныя месцы). Толькі так мы будзем ацэньваць вас».
То бок, паводле ўяўленьняў Лукашэнкі, амбасадар — гэта коміваяжэр, ніяк не палітычная фігура. Усё мноства функцый, якія павінен выконваць амбасадар, зводзіцца да ролі прымітыўнага гандлёвага пасярэдніка.
Таму ў новай Беларусі давядзецца адраджаць дыпляматыю як асобны від прафэсійнай дзейнасьці, нават прафэсійнага мастацтва.
Форум