Камісія пры Менгарвыканкаме зацьвердзіла прапанову прысвоіць адной з вуліц у мікрараёне Паўночны Бераг імя Дзьмітрыя Федасюка, 31-гадовага афіцэра спэцпадразьдзелу «Альфа» Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, паведаміла агенцтва «Минск-новости».
Трагедыя 28 верасьня 2021 году — афіцыйная вэрсія падзеяў
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Дзьмітры Федасюк загінуў 28 верасьня 2021 году падчас «спэцапэрацыі па выяўленьні і затрыманьні людзей, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». Паведамлялі, што ў кватэры на вуліцы Якубоўскага па супрацоўніках праваахоўных органаў быў адкрыты агонь. Федасюк, як сьцьвярджаецца, кінуўся насустрач стрэлам, прыняўшы агонь на сябе і прыкрыўшы таварышаў. Ён быў сьмяротна паранены, але ў адказ зьліквідаваў нападніка — Андрэя Зельцара, які таксама загінуў у выніку перастрэлкі. За «адвагу, праяўленую пры выкананьні службовых абавязкаў», Аляксандар Лукашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Федасюка ордэнам «За асабістую мужнасьць».
Вэрсія ByPol — Федасюка маглі сьмяротна параніць свае
Былыя сілавікі з ініцыятывы ByPol у сваім расьсьледаваньні сьцьвярджаюць: Федасюк мог загінуць ад кулі калегі. У відэа, якое распаўсюдзілі спэцслужбы, нібыта зьмяшаныя пастановачныя і рэальныя кадры, а гук стрэлаў — накладзены асобна. Згодна з вэрсіяй ByPol, Зельцара маглі зьліквідаваць, каб схаваць памылку, зробленую падчас штурму.
Акрамя таго, ByPol заяўляе, што сілавікі прыйшлі ў кватэру Зельцара не па яго, а па брата ягонай жонкі, які быў прапісаны ў кватэры і выклаў у Instagram відэа атакі на базу АМАПу.
Жонку Зельцара Марыю Ўсьпенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве і адправілі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны стацыянар.
І Федасюку, і Зельцару быў 31 год.
Форум