Прэмʼер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас у чацьвер паведаміў праўленьню Сацыял-дэмакратычнай партыі, што ідзе ў адстаўку з пасадаў прэмʼера і старшыні партыі.
Пра гэта паведаміла агенцтва BNS з спасылкай на крыніцы ў партыі, а таксама навінавы партал LRT з спасылкай на свае крыніцы. Інфармацыю пацьвердзіў і Гітанас Наўседа.
Праўленьне Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі ў чацьвер сабралася падчас ператрусаў праваахоўных органаў у кампаніі жонкі брата Палуцкаса Dankora, якая плянавала набыць акумулятарныя сыстэмы ў кампаніі прэмʼер-міністра Garnis за сродкі з эўрапейскай падтрымкі.
На мінулым тыдні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа даў Палуцкасу два тыдні, каб вырашыць, ці даць аргумэнтаваны адказ на пытаньні грамадзкасьці аб яго бізнэсе і мінулым або разгледзець магчымасьць адстаўкі.
Апазыцыя раней запатрабавала адстаўкі прэмʼер-міністра і плянуе правесьці нечарговую сэсію Сейма ў жніўні, каб пачаць працэдуру адстаўкі Палуцкаса і адхіліць яго ад пасады.
Раней Гінтаўтас Палуцкас заявіў аб сыходзе ў двухтыднёвы адпачынак.
Скандал вакол Палуцкаса зьвязаны з публікацыямі пра яго бізнэс і канфлікты інтарэсаў. У прыватнасьці, ідзецца пра ўгоду з кампаніяй яго братавай — Dankora.
Кампанія Dankora заснаваная ў верасьні 2024 году, а празь месяц падала заяўку на фінансавую падтрымку ЭЗ у праграме LEADER на праект «Разьвіцьцё інфраструктуры зарадкі электрамабіляў і суднаў у вёсцы Друкяй». У лістападзе таго ж году адзіны заснавальнік кампаніі Костас Мікалаюнас прадаў яе Віргініі Палукене, жонцы брата Гінтаўтаса Палуцкаса.
Празь некалькі месяцаў кампанія, у якой не было ні супрацоўнікаў, ні даходу, атрымала ад ЭЗ каля 173 тысяч эўра. Пасьля атрыманьня сродкаў Dankora абвясьціла аб куплі акумулятарных сыстэмаў у Garnis, кампаніі, суўладальнікам якой ёсьць прэм’ер-міністар Літвы (ён валодае 49% акцый). Апошняя была адзіным удзельнікам тэндэру на пастаўку акумулятараў і прапанавала цану 145 тысяч эўра.