Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе «Беларускага Гаюна» ўжо затрыманыя мінімум 33 фігуранты, — «Вясна»


Архіўная ілюстрацыя. Паведамленьне «Беларускага Гаюна» ад 1 жніўня 2023 году.
Архіўная ілюстрацыя. Паведамленьне «Беларускага Гаюна» ад 1 жніўня 2023 году.

У Беларусі працягваюць затрыманьні ў крымінальнай справе за перадачу інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, пад варту ўзятыя ня менш за 33 чалавекі, прайшло ня менш за шэсьць судовых працэсаў.

Сярод затрыманых фігурантаў большасьць мужчыны, справы распачатыя паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Праект «Беларускі Гаюн» заснаваны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам вайсковай актыўнасьці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 году, неўзабаве пасьля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-боту, дзе «зьбіралася інфармацыя ад людзей».

«Мы ня ведаем, які аб’ём зьвесак мог быць выгружаны за той час, пакуль у староньняга акаўнту быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сытуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй», — паведаміў заснавальнік праекту блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў аб пагрозе для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторым зь іх удалося эміграваць.

Аб масавых затрыманьнях у справе «Беларускага Гаюна» паведамлялі 2 траўня.

У чэрвені Горадзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўленьня волі за «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці».

20 ліпеня кіраўнік Фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў траўні 2025 году ў берасьцейскім сьледчым ізалятары знаходзіліся каля 50 чалавек, абвінавачаных у справе «Беларускага Гаюна».

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што агульная колькасьць затрыманых па справе значна большая, чым ім вядома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG